4G
4G — гэта агульная назва тэхналогій сотавай сувязі чацвёртага пакалення, першыя рэалізацыі якіх былі прадстаўлены ў канцы 2000-х гадоў. У параўнанні з тэхналогіямі трэцяга пакалення (3G), 4G мае значна большую прапускную здольнасць перадачы даных, што дазволіла інтэнсіўна выкарыстоўваць інтэрнэт-злучэнне з мабільных прылад. Напрыклад, 4G дазваляе прагляд патокавага відэа высокай якасці на смартфоне, або выкарыстанне інтэрнэту рэчаў у паўсядзённым жыцці.
Першымі тэхналогіямі 4G былі LTE (англ.: Long Term Evolution), распрацаваная кансорцыумам 3GPP, і Mobile WiMAX (англ.: Mobile Worldwide Interoperability for Microwave Access).[1][2]
Станам на 2023 год многія краіны пачалі пераход ад 4G да наступнага пакалення сотавай сувязі 5G. Тэхналогіі 5G прапануюць яшчэ большую хуткасць, меншую затрымку і магчымасць падключаць вялікую колькасць прылад адначасова. Плануецца, што сеткі 4G будуць суіснаваць з сеткамі 5G на працягу некалькіх гадоў, каб забяспечыць пакрыццё ў раёнах, дзе 5G яшчэ недаступны.
4G у Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Сеткі 4G у Беларусі ствараюцца адзіным інфраструктурным аператарам — кампаніяй beCloud — і размяркоўваюцца паміж існуючымі аператарамі. Пры гэтым кожны аператар мае права ствараць уласныя сеткі 3G.[3] Станам на 2025 год аператары працягвалі патрымліваць і развіваць сеткі 3G, а доля 4G заставалася невысокай. Так, напрыклад, па ацэнках кампаніі МТС толькі 15 % галасавой сувязі праходзіла праз сеткі 4G у 2025 годзе.[4]
У Беларусі выкарыстоўваюцца B3 (1800MHz), B7 (2600 MHz) і B20 (800 MHz). B20 пераважае ў сельскай мясцовасці; B3 у невялікіх гарадах; B7 у вялікіх гарадах.[крыніца?]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Eberle, Dieter. LTE vs. WiMAX 4th generation telecommunication networks. 3g4g.co.uk.
- ↑ LTE vs WiMAX (англ.). Network World. Праверана 26 лютага 2025.
- ↑ Почему в Беларуси не спешат отключать 3G и когда запустят 5G – ответ эксперта (руск.). Точка BY (2 кастрычніка 2025). Праверана 29 снежня 2025.
- ↑ [Сергеев]. «3G отключать преждевременно». МТС рассказал о 4G и перспективах 5G в Беларуси (руск.). Onliner (18 сакавіка 2025). Праверана 29 снежня 2025.
