close
Перайсці да зместу

Успаміны Сапліцы

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
BERJAYA
Выданне 1926 года.

«Успаміны Сапліцы», «Успаміны пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага» (польск.: Pamiątki JPana Seweryna Soplicy cześnika parnawskiego) — зборнік шляхецкіх гавэндаў аўтарства Генрыка Жавускага, які лічыцца эталонным узорам гэтага жанру.

На рубяжы 1820—1830-х гадоў аўтар спачатку вусна пераказваў свае старасвецкія апавяданні, мовай, стылізаваныя пад старапольскую, у арыстакратычных салонах у Расіі, а затым у Італіі, куды выехаў з жонкай у вясельнае падарожжа. Увосень 1830 года Адам Міцкевіч, добра знаёмы з Жавускім яшчэ з часоў расійскай ссылкі, слухаў гэтыя апавяданні ў Рыме. Моцна ўражаны іх стылем і сюжэтамі, Міцкевіч угаварыў Жавускага запісаць яго апавяданні максімальна блізка да таго, як яны гучалі вусна — без істотнай мастацкай апрацоўкі. Фрагменты будучых «Успамінаў Сапліцы» пачалі з’яўляцца ў замежнай польскай прэсе і атрымалі значнае прызнанне ў эмігранцкіх колах. У 1839—1841 гадах яны былі апублікаваныя ананімна ў Парыжы ў выглядзе кнігі (20 гавэндаў)[1]. Дапоўненае (25 гавэндаў), але адцэнзураванае выданне выйшла ў 1844—1845 ў Вільні. Эпічная паэма Міцкевіча «Пан Тадэвуш» была апублікаваная нават раней, у 1834 годзе, але яна ўтрымлівае шмат адсылак да «Успамінаў Сапліцы».

Поўнае непадцэнзурнае выданне твору на падставе аўтарскага рукапісу выйшла толькі ў 1928 годзе ў Кракаве.

Дзеянне гавэндаў зборніка адбываецца ў 1760—1780 гадах, пераважна ў Навагрудскім ваяводстве, але таксама і ў іншых рэгіёнах даўняй Рэчы Паспалітай — на Валыні, Запарожскай Сечы, ў Вільні, Варшаве і гэтак далей. Фармальны галоўны герой, ён жа апавядальнік (наратар) Севярын Сапліца — выдуманая постаць, дробны шляхціч са світы Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», які, па сутнасці, і з’яўляецца сапраўдным галоўным героем цыкла. У творы ён паўстае не проста як гістарычная асоба (ключавая постаць Барскай канфедэрацыі), а як міфалагічны архетып Літвы — неверагодна багаты, эксцэнтрычны, шчодры і часам шалёны дэспат, які ўвасабляе ў сабе ўсю моц і адначасова заняпад Вялікага княства Літоўскага. Жавускі, сам ультракансерватыўны магнат, уклаў у гэты вобраз свае ўласныя мары аб як мага даўжэйшым захаванні «сармацкага» ладу жыцця, аб стрымліванні еўрапейскіх рэвалюцыйных і ліберальных уплываў XIX стагоддзя. У гавэндах князь паўстае чалавекам, які можа на роўных гаварыць з манархамі, але пры гэтым абдымацца з самым бедным шляхцічам. Гэта стварала міф аб шляхецкім брацтве, дзе Радзівіл — «першы сярод роўных», ідэал суверэнітэту літоўскай шляхты. Эксцэнтрычнасць і самадурства князя (яго «вар’яцтва») трактуюцца не як заганы, а як праява неўтаймаванай жыццёвай сілы шляхецкага «народа». Гісторыі пра тое, як князь прыручаў мядзведзяў і прымушаў іх прыслужваць гасцям за сталом ці вазіць карэты, як ездзіў летам у санях па дарозе, пасыпанай соллю, у Жавускага ператвараюцца ў сімвал панавання «літоўскага» духу над самой прыродай.

«Пане Каханку» — alter ego Жавускага — з пагардай азываецца пра нешматлікіх літвінаў — прыхільнікаў Чартарыйскіх, г.зн. — партыі рэформаў. Усе рэформы адукаванага караля Станіслава Аўгуста разглядаюцца як дэструктыўныя і антыпатрыятычныя, як даніна французскай модзе, якія нібыта і прывялі да гібелі дзяржавы. А ідэялізаваныя літвіны іх не прымаюць, застаючыся вернымі «сармацкаму» культурнаму коду. Супраціў Рэйтана, Корсака і Багушэвіча дыктату «трох чорных арлоў» і падкупленай імі соймавай большасці на Падзельным сойме ў 1773 годзе атаясамліваецца з супрацівам Асветніцтву ўвогуле, памкненням да пашырэння праў іншых саслоўяў. Жавускаму, як магнату-прыгонніку, выгадна праводзіць такое атаясамленне. Менавіта ў гэтым сэнсе і сам аўтар абвяшчаў сябе «літвінам»: ультракансерватыўным польскім шляхцічам, прыгоннікам і шавіністам, які маскіруецца пад патрыёта, апанентам любых праяў сацыяльнага прагрэсу.

«Успаміны Сапліцы» аказалі вялікі ўплыў на развіцці жанру гавэнды і гістарычнага раману ў польскамоўнай літаратуры.

Адам Міцкевіч прызнаваўся Юльяну Фалькоўскаму, што ўзяў з апавяданняў Жавускага першапачатковую задуму «Пана Тадэвуша», увесь гістарычны каларыт паэмы, сюжэтныя элементы розных анекдотаў, нават само прозвішча герояў — Сапліцы. А ідэялізаваны фальварак, дзе адбываецца большасць падзей паэмы, называецца Сапліцова.

Своеасаблівая трылогія Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, прысвечаная Каралю Станіславу Радзівілу «Пане Каханку» развівае «міфалогію» гэтага магната, створаную «Успамінамі Сапліцы» Жавускага: драма «Пане Каханку» (1867) і раманы «Апошнія хвіліны князя ваяводы» (1875) і «Кароль у Нясвіжы. 1784» (1887). «Успаміны квестара» Ігнацыя Ходзькі таксама маюць яўныя сляды ўплыву «Успамінаў Сапліцы», як і славутая «Трылогія» Генрыка Сянкевіча.

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

Пераклад фрагментаў на беларускую мову:

Успаміны Пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага. Фрагмэнт (Пан Агінскі, Тадэвуш Рэйтан, Сурлянскі кляштар).

  1. Andrzej Waśko, «Pamiątki Soplicy» na tle programowych wypowiedzi Henryka Rzewuskiego; Pamiętnik Literacki : czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej 82/1, 60-85, 1991.