close
Перайсьці да зьместу

Антыгітлераўская кааліцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Антыгітлераўская кааліцыя — вайскова-палітычны зьвяз дзяржаваў і народаў, якія змагаліся ў Другой сусьветнай вайне супраць блёку краінаў Восі: Нямеччыны, Італіі, Японіі ды іхных сатэлітаў. Асноўнымі ўдзельнікамі аб’яднаньня, вядомымі як «Вялікая тройка», былі Савецкі Саюз, Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Гiсторыя стварэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Фармаваньне кааліцыі пачалося адразу пасьля нападу Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 году, калі прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль і прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт заявілі пра падтрымку Савецкага Саюзу. Юрыдычнае афармленьне зьвязу адбылося 1 студзеня 1942 году, калі ў Вашынгтоне была падпісаная Дэклярацыя Аб’яднаных Нацыяў. Першапачаткова дакумэнт падпісалі 26 дзяржаваў, а да канца вайны колькасьць удзельнікаў вырасла да 53-х.

Стратэгічнае ўзаемадзеяньне

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Кіраўнікі «Вялікай тройкі» (Сталін, Рузвэлт/Труман і Чэрчыль) вызначалі агульную стратэгію вайны на міжнародных канфэрэнцыях у Тэгеране (1943), Ялце (1945) і Потсдаме (1945). Важным элемэнтам супрацы стала праграма лэнд-лізу, паводле якой ЗША пастаўлялі саюзьнікам узбраеньне, харчаваньне і сыравіну. Сумесныя дзеяньні ўлучалі адкрыцьцё Другога фронту ў Нармандыі ў 1944 годзе, каардынацыю наступаў на Ўсходнім і Заходнім франтах, а таксама вайсковую кампанію на Ціхім акіяне.